Зміцер Сасноўскі: "Мы патрыёты свайго стылю і накірунку музыкі"

Зміцер Сасноўскі: "Мы патрыёты свайго стылю і накірунку музыкі"



Напярэдадні штогадовага "Каляднага фэсту" карэспандэнт MetalHeads.By пагутарыў з яго заснавальнікам -- лідэрам гурта "Стары Ольса" Змітром Сасноўскім.

- Зміцер, "Калядны Фэст" - вашае "дзецішча". Раскажыце, як да вас прыйшла ідэя стварэння такога фестывалю? Якія падводныя камяні былі пры рэалізацыі гэтай ідэі? Ці задавальняе Вас цяперашні фармат мерапрыемства, або ў будучыні мы зможам убачыць нейкія трансфармацыі ў ім?

- Кожны год адзначалі з сябрамі Каляды, але ў нейкі момант захацелася яшчэ шырэй і весялей. Складанасцяў вялікіх не было, бо ўсё, што робіцца з задавальненнем і радасцю – заўжды атрымліваецца! Да таго ж, усю адміністрацыйную працу ўзяў на сябе Віталь Супрановіч. І выконвае яе выдатна ўжо дзесяць гадоў. У нас у генах, у прынцыпе, закладзена адзначэнне Калядаў. Тым болей, што святкаванне супадае з астранамічнымі зменамі, а гэта мільёны гадоў адкладалася ў памяці. Таму Каляды не вытруціць з крыві аніяк! Сучасны стан фэста задавальняе, але вельмі хочацца пашырыць яго і зрабіць міжнародным. Хаця галоўным адрасатам застаецца менавіта беларуская публіка.

- Ваш альбом "Medieval Classic Rock" "выбухнуў" як сярод Вашых фанатаў, так і сярод іншых рокераў. З чым звязваеце поспех рэлізу? Якія эксперыменты яшчэ могуць чакаць ад вас прыхільнікі рок-музыкі і асабіста "Стары Ольса"?

- Гэта быў недоўгачасовы адыход ад асноўнай "генеральнай лініі" Сярэднявечча. Мы патрыёты свайго стылю і свайго накірунку музыкі. Гэта даказваюць трое гастроляў па Амерыцы (а будзе іх яшчэ бясконцая колькасць) – там мы выконваем амаль выключна сярэднявечную музыку. Увогуле, поспех жывых інструментаў звязаны з тым, што вушы і густы сучаснага слухача, незалежна ад краіны і паходжання, стаміліся ад сучасных электронных інструментаў. А выкананая на старых інструментах рок-класіка набывае новае, "жывое" гучанне.

- Складзіце Ваш асабісты топ-5 або топ-10 фолк-выканаўцаў Беларусі! Ну і асабісты топ-10 фолк-калектываў былога Саюза тады ўжо.

- Я не моцна разбіраюся ў фолку. А фальклор на баянах увогуле не ўспрымаю. Мне падабаюцца эксперыменты спалучэння фальклора і абрадавых мелодый – Руся, Патрыцыя Свіціна, Палац, ПАВА і іншыя накшталт гэтых. Але больш увагі я звяртаю на медываль, а не фолк – Ірдарад, Літы Талер.

- Якое "музычнае меню" у кожнага з удзельнікаў гурта? Ці ёсць калектывы, любоў да якіх аб'ядноўвае ўсіх музыкаў "Стары Ольса"?

- Кожны слухае розную музыку. Ды і густы ў людзей з часам змяняюцца – удасканальваюцца. Лютніст наш Ілля Кубліцкі - шматгадовы аматар Ролінг Стоўнз. Астатнія слухаюць надта розную музыку. Я зараз часта слухаю барока, а таксама якасны рок – тут дзякуй вялізарны радыёстанцыі “Мінск”. Дарэчы, калісьці на гастролях мы ў бусе злавілі цікавую і густоўную падборку рока 60-70-х гадоў, слухалі з задавальненнем усё.

- Вокладка альбома «Кола рыцэрска» змяшчае цікавы арт, які ўяўляе сабой сабраныя ў выглядзе зоркі былінныя інструменты і старажытную зброю. Хто займаўся стварэннем гэтага мінімалістычнага, але вельмі каларытнага малюнка? Якое значэнне нясе гэты вобраз?

- Стварылі вокладку самі, разам. З'явіліся думкі, што ілюстрацыяй да загалоўнай песні "Кола рыцэрска" магло б стаць спалучэнне кола, музыкі, рыцарскіх атрыбутаў. Такія думкі ў выніку і прывялі да такога "нацюрморта"!

- Некаторыя фанаты цікавяцца, чаму вы не выконваеце на канцэртах (альбо выконваеце рэдка) некаторыя вашыя песні, якія даспадобы публіцы? Такія як, напрыклад, “Што й па Мору”, “Рэвель”, або “Нямон”. Як наогул фармуецца ваша канцэртная праграма? Якімі прынцыпамі вы кіруецеся пры яе складанні?

- Некаторыя песні для нас, як ні дзіўна, састарэлі. Мы пастаянна развіваемся, і з цягам часу старыя аранжыроўкі ці тэмы становяцца нецікавымі для выканання. Некаторыя банальна надакучаюць - і на некаторы час выбываюць з рэпертуара. Праграму фармуем разам - з улікам месца, публікі, настрояў і нагоды (свята, сольніка, падзеі). Часта бывае, што падчас канцэрта ўносім змены ў спіс песен літаральна на сцэне, бо даводзіцца карэктаваць жаданні ў адпаведнасці з паводзінамі публікі – ці рабіць праграму больш хуткай і вясёлай, ці наадварот сыходзіць у камерную частку рэпертуару для ўдумлівых і спакойных слухачоў.

- Вы шмат гастралюеце, у тым ліку ў Амерыцы (што само па сабе ўжо з'яўляецца вялікім поспехам - не з кожным калектывам нашым такое здараецца). Падзяліцеся ўражаннямі ад месцаў, дзе даводзілася бываць і выступаць, складанасцямі, якія ўзнікалі ў паездках, а можа, і пацешнымі выпадкамі і назіраннямі!

- Падзеяў было шмат, шмат было і прыгодаў, сустрэчаў, падарожжаў. За кожны з трох тураў мы мінімум аднойчы праязджалі ад акіяну да акіяну. З усімі нашымі назіраннямі і здымкамі можна пазнаёміцца ў Дзённіках тураў у ВК і ФБ. Запрашаю – наведайце і паглядзіце. Адное скажу: колькасць уражанняў нават цяжка ўсвядоміць і "пераварыць"!

- Пытанне напрыканцы: што трэба мець таму, хто ідзе на "Калядны Фэст", каб быць "на адной хвалі" з выступоўцамі? Дайце параду тым, хто, магчыма, купіў білет на фестываль упершыню!

- Калі ідзеш упершыню, памятай: табе патрэбныя нястрыманая радасць, моцныя ногі, гучны голас, ну і трывалая пячонка!!!

 

Гутарыў Johnny Willson