Калядны Фэст (+фото)

Калядны Фэст (+фото)


Чарговы Калядны Фэст прайшоў у Re:Public 25-га снежня пры ўдзеле «Irdorath», «Стары Ольса», «Znich», «Litvintroll», ды спецыяльных гасцёў.

Ужо на падыходзе была заўважана доўгая чарга з жадаючых патрапіць: народу сапраўды было шмат. Танцпол быў запоўнены цалкам, другі паверх таксама (дарэчы сумнеўны ход «оргаў» наконт усталявання столікаў каля самай агароджы на другім паверсе – народу за імі было няшмат, але мора жадаючых было падысці бліжэй, столікі заміналі), столікі на паверхах таксама не пуставалі. Сярод мерча былі майкі «Litvintroll» з «каляднага» набору, новыя прынты Знічоў ды бездань модных зараз вышымаек. Моцна выглядаў мегаолдскульны прадавец на ўваходзе. «Irdorath» пачалі з добра вядомых хітоў, разбаўляючы сэт новымі рэчамі. Часам здавалася, што ў гурта з’явілася сапраўдная "металічная" падача матэрыяла, хэдбэнг, агульны драйв, нейкая асаблівая энергетыка. “Ketri”, “Rondo”, новая рэч з паўдневаеўрапейскага фальклору, новая на беларускай мове, падчас выканання якіх, як мне падалося, гурт выглядаў крыху недарэчна ў сваіх мэдываль/гатычных касцюмах. Гралі каля гадзіны, цікава было паназіраць як працуе ў такой “спецвопратцы” драмер прагрэсіўшчыкаў «Serdce», дэманструючы зайздросную музычную шматбаковасць.

У перапынку каля гардэроба была заўважана групоўка хлапцоў, якія спецыяльна пераапраналіся для ўгару ў мошы. Нібыта прыйшлі паслухаць «slamming brutal death». Апрануліся ў майкі ды кароценікія шорты. Я да чаго. Гэтыя хлапчукі ўзялі удзел у наступнай імпрэзе. Перад выступам «Старога Ольсы» на сцэну выйшлі сапраўдныя калядоўшчыкі (гэты выступ ладзіў СЭТ у складзе “Горынь”+support): каля дзесятка апранутых у традыцыйныя строі жанок, каза, мядзведзь, цыганы ды… поп! Добра засьпяваўшы калядкі, на сцэне далей разыгралі вясёлы спектакль. Па традыцыі звалілася і ажыла каза, а потым выйшаў мядзведзь, які прапанаваў з ім паборацца. Сярод жадаючых з залі з’явіляся тыя самыя хлапчукі ў шортах (чым выклікалі яўнае здзіўленне вядучага З. Сасноўскага: “хлопцы, вы з Фларыды?”), але нават яны пабораць мядзведзя не здолелі , затое паўдзельнічалі ў гандлі за каня, якога прадавалі цыганы. А тым часам па залі шпацыраваў поп, у якога за асабісты ўнёсак можна было палічыцца са сваімі “справамі”. «Стары Ольса» граў няшмат, і, як мне падалося, музыкі былі крыху здзіўлены гарачым прыемам, нават на біс выйшлі далека не адразу. Гурт прапанаваў у асноўным вайсковую лірыку: пра бітву пад Воршаю, “Літвіна”, часам пераходзячы да ўсім вядомым рэчаў кшталту “Карчмы”. Бісавалі знакамітай “Ai Vis La Lop”, пераходзячай ў Nirvana - але я больш чакаў папулярнага цяпер у інэтах кавэра на “One” Металлікі, тым больш, што публіка была адпаведная. Затое была выкана новая рэч (ва ўсялякім разе я такой не чуў раней) пра тое, як дружына рыцараў рассекла на кавалкі нямецкую прыгажуню, якую не змаглі падзяліць паміж сабой. Каму жорстка, а каму – сапраўдная металічная тэматыка!

Чарговая пауза была упрыгожана кароценькім выступам гурта сярэднявечных танцаў “Гістрыен”, апасля якой выйшлі «Znich». Адразу кінулася ў вочы адсутнасць Гароха – як мне падалося з новым драмерам гурт выглядаў не зусім упэўнена. Акрамя таго вельмі дрэнна было чуваць гітару – прабівалася толькі праз сола-партыі. «Каляда-калядзец», «Крыжы-Абярэгі», «Крыва-Крывейта», «Ярыла», «Мроя», «Хай палюбіць», «Чорны Зніч», «Язычнік Я» - гурт парадаваў гледачоў традыцыйным наборам хітоў. Вядучы фэста Зміцер Сасноўскі падзякваў некага «мецэната», што падарыў гурту дуду вырабу Тодара Кашкурэвіча, хаця як мне падалося, Кастусь увесь сэт граў на старай кульпіноўскай. 

Пасьля нядоўгай настройкі пачалі лабаць «Litvintroll», і менавіта тут пачалі адбывацца цікавыя рэчы! Па-першае, на танцполе з'явілася нейкае падабенства на мош, пачалі паціху сыпацца стэйдждайверы (дарэчы, чаму хлопцы скочуць са сцэны тварам уніз, а дзяўчыны спіной?), па-другое, былі выкананы некаторыя новыя песні – пра ноль у кішэні (нажаль тэксту дакладна не разабраў) і мегабалада, здольная заняці свае месца сярод сусветных хітоў. Якасць гуку таксама выклікала пытанні, бо я лепш за ўсе чуў партыі бас-гітары (і я скажу, што хлапец выдатна грае!), але агульны угар гэты недахоп скасаваў. «Крыжак», «Камарова смерць», «Lipka», «Rock’n’Troll», тым часам на танцполе адбывалася сапраўдная бітва, у якой двухмятровы не зусім цвярозы волат у майцы Дынама супрацьстаяў цэлай суполцы мошэраў (з пераменным поспехам). «Да сябра» – цуды не скончаны. На сцэну ўздымаецца хлапец, які хуценька прапануе пабрацца шлюбам сваей дзяўчыне, тут жа з'яўляецца і сам аб'ект. Усе шчаслівыя, абдымаюцца, цалуюцца: каляды! Потым ідзе прыгожая вышэй адзначаная балада: «малыя тролікі, п'яныя тролікі» - цудоўна! Пазітыўныя уражанні пакінуў чарговы «Калядны фест», чакаем наступных канцэртаў, прасвечаных народным святам – вяснова-раўнадзенскім ды купальскім (дарэчы апошні будзе ў фармаце «Open air»)!

Здымкі і тэкст: Siarhei Hahulin