У той час, як асноўная частка насельніцтва ўжо лічыць дні да пачатку вясны, мы не спяшаемся развітвацца з гэтай вясёлай парой года і лічым дні да Лютага фэсту. І, каб правесці гэты час з карысцю, мы прапанавалі ўдзельнікам гэтага фестывалю прайсці допыт бліц-апытанне ад нашага партала. Першымі падахвоціліся прызнацца ва ўсіх сваіх таямніцах музыкі з гурта Адарвірог, які з упэўненасцю можна ўжо назваць «класічным» удзельнікам гэтага фесту.
Metalheads.by (MH): Што для вас музыка? Якое месца яна займае у вашым жыцці?
Музыка – адна з галоўных крыніц натхнення, тое, што дае моц пераадольваць шэрую штодзеннасць. Гэта мэта рухацца далей, вучыцца, каб стварыць нешта новае.
MH: Якія музыкі натхнілі вас у пачатку вашай кар’еры?
Валера: У кожнага ўдзельніка гурта свае. Ад Пьяцолы і Queen да Сіда Вішэза. Калі казаць пра гурт цалкам – зразумела нельга мінуць увагай In Extremo і Vicious Crusade.
Лёша Б: Я вось фольк зусім не слухаў да таго, як трапіў у Адарвірог. Да і зараз не слухаю, калі не ўлічваць Адарвірог ды Percival Schuttenbach. А натхнялі мяне, калі я только пачаў граць метал, Korn, Slipknot, Death ды Cannibal Corpse.
Лёша А: Заўсёды натхненнем былі больш прагрэсіўныя ды вар’яцкія метал-гурты: Animals as leaders, Entities, Dir en grey, Stork. Таксама вельмі падабаецца электронная музыка: Home, Nerve. Акрамя Адарвірог фолк больш ніколі не слухаў.
Лёня: Панк, бардаўскае, хардкор…Любыя напрамкі, якія выклікалі нейкія пачуцці ў розныя моманты жыцця. І па гэты час таксама. У музыке я заўсёды, па першае, шукаў эмоцыі. Ці то злосць, ці то нянавісць, ці то шчасце.
MH: Шлях да славы цярністы. На што вы гатовыя пайсці дзеля яе?
Ёсць прапановы? (смяецца) Насамрэч, пытанне складанае, бо да славы вядзе не нейкі адзін учынак, а штодзённая плённая праца. А з гэтым, нажаль, складана.
MH: Песня, с якой павінен быць знаёмы кожны, - гэта …
Ніхто нікому нічога не павінен, асабліва, калі пытанне тычыцца творчасцi. Але прапанаваць паслухаць творчаць Адарвірога мы можам. І вакаліст прапануе “Казённый унитаз – рыга-рыга”. (смяецца).
MH: Сапраўдны музыка павінен …
Валера: Хаця б бачыць адрозненне паміж музыкай і тым, што за яе выдаецца.
Лёша Б: А я лічу, што музыка нікому нічога не абавязаны.
Лёша А: Працаваць над сабой кожны дзень, таму што слухачы варты найлепшага.
Лёня: Сапраўднаму рок-н-рольшчыку патрэбна ўсё ды адразу. Але ж я згодзен з Лёшай.
MH: Тры жаданні ў залатой рыбкі?
Лёша Б: Мне падаецца, што нічога не бывае проста так і для дасягнення сваіх мараў трэба працаваць, інакш яны абясцэняцца. Таму аддам свае жаданні камусьці з іншым светапоглядам.
Лёша А: А навошта яна патрэбна? (смяецца)
Лёня: Яшчэ тры рыбкі, калі ласка…
MH: У чым вам няма роўных?
Няма такога, бо заўсёды знойдецца азіят, які ўсё робіць лепей.
MH: Вы ніколі не…
Ніколі не кажы ніколі.
MH: Калі заўтра наступіць канец света, то сёння вы…
…таксама не дапішам новы матэр’ял.
MH: Што вы слухалі ў першы дзень новага года?
Валера: Percival Schuttenbach – Chortyca
Лёша Б: Як заўсёды – Mastodon.
Лёша А: Новы альбом Monuments.
Лёня: Гледзячы на астатніх ўдзельнікаў, нават неяк сорамна адказваць.
MH: Раніца музыкі пачынаецца з...
Лёша Б: Таксама хацеў бы ведаць – з чаго пачынаецца раніца прафесійнага музыкі (маю на ўвазе тых, для каго гэта асноўны від дзейнасці). Ну а ў мяне – як у ўсіх працуючых людзей – з пякельных высілкаў вылезці з ложку ды збораў на працу.
Лёня: “А, халера, праспаў!”
MH: Што рабіць, калі арганізатар канцэрта кінуў: кіраўніка па разгрузцы апаратуры няма, гасцініца не забраніравана?
Калі пытанне ў кантэкстце Лютага Фэсту, то мы не такія. (смяецца)
Фота ўзятыя з афіцыйнай суполкі гурта "УКантакце".
Размаўляла: Екатерина Лещук