Напярэдадні прэзентацыі шостага студыйнага альбома "Дрэва жыцця" мы сутрэліся з гуртам Relikt і даведаліся, чаго вам чакаць ад будучага выступу.
У вас у мінулым годзе адбылася адразу два рэлізы - новы альбом "Дрэва жыцця" і зборнік "The Best". У чым сакрэт такой прадуктыўнасці? Некаторыя каманды прымушаюць чакаць сваіх фанатаў па 13 гадоў.
Шчыра кажучы, мы не лічым, што прадуктыўнасць у нас вельмі высокая. Так, мы заўжды знаходзімся ў рэжыме вырашэння разнастайных пытанняў гурта. Але, нажаль, асноўная праца адцягвае шмат часу ад творчасці. Ну і тут мы павінны разумець, што падрыхтоўка моцнай канцэпцыі, моцнага матэрыяла (якім мы лічым альбом “Дрэва жыцця”) гэта сапрауды складаны працэс.
"Рэкi прабiлi лёд", "Лекавыя травы" і "Куфар" i вось цяпер яшэ "Дрэва жыцця" - усе гэтыя альбомы выходзілі ў кастрычніку. Што гэта за асобая любоў да гэтага месяца? Чым ён так запаў вам у душу?
Наш новы альбом выйшаў у пару года, якую мы вельмі любім. Найпрыгажэйшая сонечная восень адбылася ў мінулым годзе, і суадносна мы неяк падсвядома абралі гэты час, калі ўсё жывое апошнім фінальным акордам выбухае цудоунымі колерамі, перад тым як адпачываць узімку. Няхай гэта будзе проста нашай традыцыяй.
Усе ўжо, думаю, паспелі паслухаць ваш новы альбом і сфармаваць аб ім свой погляд. А якім "Дрэва жыцця" бачаць самі ўдзельнікі гурта Relikt?
“Дрэва жыцця” - гэта шэраг таямнічых і кранальных гісторый, аб'яднаных бессмяротнай канцэпцыяй, якая прымушае задумацца розныя пакаленні людзей. Канцэпцыя сувязі мінулага, сучаснага і будучыні. Якой будзе верхавіна нашага дрэва жыцця, залежыць ад нас. І мы, Relikt, абіраем самае галоўнае з каранёу, і у выглядзе музычнай творчасці робім усё магчымае, каб верхавіна стала яшчэ мацнейшай. Каб музыкай яднаць усіх, хто яе пачуе.
У адрозненне ад большасці каманд, вы ахвотна выконваеце матэрыял з новых рэлізаў яшчэ да іх прэзентацыі. Калі мне не змяняе памяць, то на фестывалі "Фалькоцiкi" з васьмі песень пяць былі менавіта з "Дрэва жыцця". Чаму вы не "хаваеце" новы матэрыял, як большасць вашых калег?
Прыберагчы ад слухачоў песні да прэзентацыі, можа, было б і правільна, але у выпадку з “Дрэвам жыцця” песні вельмі спяшаліся паказаць сябе, і мы проста не змаглі супрацьстаяць гэтай магіі. Таму што выконваць іх шчырая асалода.
Чаго чакаць вашым слухачам ад прэзентацыі новага альбому, якая адбудзецца 31 студзеня?
Мы рыхтуем атмасфернае шоў – сапраўды ніколі так не рабілі. Будзе два музычных аддзяленні, аздобленыя колерамі, святлом, харэаграфіяй ды дэкарацыямі. Абавязкова прыходзьце, бо такі прыгожы канцэрт ніколі не паўторыцца зноўку.
У канцы мінолага года вы таксама выпусцілі зборнік "The Best". У яго увайшлі песні з чатырох папярэдніх альбомаў у незвычайнай для іх апрацоўцы. У які момант у вас ўзнікла ідэя гэтага зборніка? Хто быў аўтарам?
Ідэя вельмі простая. Мы сабралі unplugged-версіі нашых самых папулярных кампазіцый. Мы гралі даволі шмат паўакустычных канцэртаў, але песні не былі запісаныя ў такім варыянце. Людзі пасля канцэртаў пыталіся, ці ёсць дыскі з гэтымі песнямі, але нам не было чаго ім прапанаваць. У выніку для запісу «лайва» мы зладзілі прыгодніцкую вандроўку на хутар у Браслаўскім раёне. Там зрабілі шмат матэрыялу, але з-за працы над «Дрэвам жыцця» не атрымлівалася дарабіць пачатае. Зараз мы знайшлі час і прэзентавалі сапраўдны навагодні падарунак слухачам, які яны даўно чакалі.
Вы назвалі свой пяты альбом лепшым, на думку самой групы. Акрамя гэтага вы таксама выпусцілі зборнік лепшых песень. На мой погляд, сітуацыя крыху насцярожвае. Ці не значыць усё гэта, што гурт збіраецца зрабіць працяглую паўзу ў сваёй творчасці або і зусім паставіць кропку?
Такіх планаў не было, мы яшчэ вельмі малады гурт, у такім складзе граем толькі амаль што 10 год, і яшчэ не усе свае музычныя жаданні мы паспелі пераутварыць у рэальнасць.
Добра, тады падзяліцеся з намі сваімі планамі на будучыню. Якіх новых вышынь хочацца дасягнуць? Ёсць нейкія задумкі, тактыкі і стратэгіі па заваяванню астатняга свету, які б не абмяжоўваўся блізкім замежжам? Нездарма ж "Куфар" быў высока ацэнены як мінімум адным чалавекам па той бок акіяну.
На гэты момант мы засяродзілі ўвагу на падрыхтоўцы да прэзентацыі на якую запрашаем, усіх хто прачытае гэтае інтэрвью. І гэта галоунае зараз. Будзем радыя сустрэцца з усімі 31 студзеня ў клубе Re:Public.
Не магу не скарыстацца магчымасцю і не спытаць пра ваш сайд-праект Re123 +. Які ягоны лёс і ці варта чакаць нейкіх новых касмічных ландшафтаў?
Ёсць адзін запісаны яшчэ ў 2011 годзе альбом, з цікавай калабарацыяй. Але няма часу займацца далей – звядзенне, майстарынг, рэліз. Можа ў 2020 годзе паспрабуем яго выдаць, калі знойдзем рэсурсы. Ужо вельмі даўно ўвесь час прысвячаем Relikt.